Netflix запускае рэаліці-шоу «Гульня ў кальмара» з самым вялікім у гісторыі прызавым фондам

Netflix набірае ахвотных з усяго свету для ўдзелу ў тэлевізійным рэаліці-шоу, заснаваным на іх самым паспяховым серыяле «Гульня ў кальмара» (Squid Game).

15.06.2022 / 13:55

Новае шоу будзе называцца «Гульня ў кальмара: выклік». У ім возьмуць удзел 456 чалавек, а на коне, вядома, будзе ўжо не жыццё або смерць, як у паўднёвакарэйскай драме, піша «Бі-бі-сі».

Пераможца атрымае 4,56 млн даляраў — гэта самы буйны прыз у гісторыі тэлевізійных шоу. Тым, хто прайграе, застануцца прыемныя ўспаміны пра ўдзел у праекце.

Netflix таксама пацвердзіў, што запускае другі сезон папулярнага серыяла.

Умовы ўдзелу

Гульня будзе складацца з 10 эпізодаў.

«Гульцы будуць спаборнічаць у цэлай серыі спаборніцтваў, навеяных арыгінальным серыялам, з нечаканымі дапаўненнямі. Іх стратэгіі, альянсы і асоба кожнага будуць падвергнутыя выпрабаванням на трываласць па меры таго, як вакол будуць устараняцца канкурэнты», — адзначаюць арганізатары шоу.

Для ўдзельнікаў усталяваны ўзроставы парог — не меней за 21 год, таксама ўсе яны павінны гаварыць па-англійску. Здымкі пройдуць на пачатку 2023 года і працягнуцца каля чатырох тыдняў.

456 удзельнікаў — гэта адсылка да арыгінальнага серыяла, у якім была такая ж колькасць гульцоў, прычым апошні нумар быў замацаваны за галоўным героем.

Netflix афіцыйна праанансаваў другі сезон серыяла «Гульня ў кальмара». Хто з герояў вяртаецца?

Nashaniva.com