У Жыткавіцкім раёне ўтапіліся дзед з унукам

У Жыткавіцкім раёне трагічна загінулі 56-гадовы мужчына і ягоны 15-гадовы ўнук. Цела мужчыны знайшлі ў старым рэчышчы Прыпяці, а падлетка выявілі разам з патанулай машынай на дне ракі, расказалі ў Гомельскім Таварыстве выратавання на водах.

20.06.2022 / 19:01

Фота: Следчы камітэт

Паводле папярэдняй інфармацыі, 20 чэрвеня прыкладна а пятай гадзіне раніцы дзед з унукам выправіліся на раку на аўтамабілі. А ўжо прыкладна а сёмай гадзіне раніцы цела мужчыны знайшлі ў старым рэчышчы Прыпяці каля вёскі Пагост.

На месца прыбылі вадалазы для пошуку аўтамабіля і непаўналетняга. Хлопца знайшлі праз некалькі гадзін — разам з патанулым аўтамабілем на дне ракі на адлегласці 40 метраў ад урэзу вады.

Па інфармацыі Следчага камітэта, аўтамабіль з людзьмі сарваўся са стромкага берага і з'ехаў у раку. 

Nashaniva.com