У Кіеве з'явяцца вуліцы Караткевіча і Каліноўскага

У Кіеве з'явяцца вуліцы Уладзіміра Караткевіча і Кастуся Каліноўскага. Такія новыя назвы рэкамендавала экспертная камісія, іх падтрымалі ўдзельнікі анлайн-галасавання, паведамляе «Еўрарадыё».

21.06.2022 / 12:32

Пры гэтым варыянт з Каліноўскім перамог у прапановах па перайменаванні і вуліцы Брэсцкай, і Астраханскай (за Украіну ваюе беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага). Варыянт з Караткевічам перамог у прапановах па перайменаванні вуліцы Дабралюбава.

Тым часам плошчу Герояў Брэста ў Кіеве збіраюцца перайменаваць у Чарнабаеўскую. Яна была названая ў 1977-м у гонар абаронцаў Брэсцкай крэпасці лета 1941-га. Новая назва будзе ў гонар месца шматразовых перамог украінскай зброі — легендарнай Чарнабаеўкі ў Херсонскай вобласці.

Мінскі праспект можа стаць Літоўскім.

Анлайн-галасаванне па перайменаванні амаль трох соцень аб'ектаў працягвалася з 15 па 19 чэрвеня. Далей вынікі разгледзіць Кіеўская гарадская рада.

Раней стала вядома, што «Мінскую» станцыю кіеўскага метро збіраюцца назваць «Варшаўскай», а «Брэсцкую» — «Бучанскай».

Прычына перайменаванняў — агрэсія Расіі супраць Украіны, у якой Беларусь выступае як саюзнік расіян.

Nashaniva.com