На гары Гедыміна ў Вільні пасля дажджоў зноў апоўзень

На паўночна-ўсходнім схіле гары Гедыміна ў Вільні пасля 24-гадзіннага моцнага дажджу раніцай у сераду быў зафіксаваны апоўзень, паведамілі ў Літоўскім нацыянальным музеі. Гэтым разам апоўзень глебы, здаецца, не пагражае ўстойлівасці ўсёй гары, работы па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі ўжо пачаліся.

22.06.2022 / 17:19

Спецыялісты, якія наведалі месца апоўзня, прыступілі да распрацоўкі мерапрыемстваў па стабілізацыі схілу і спыненні яго магчымага пашырэння. Сцежка на гару Гедыміна з боку ракі Віленкі на некаторы час будзе закрытая для наведвальнікаў, падняцца на яе можна на пад'ёмніку з двара Старога Арсенала.

Як паведамілі ў музеі, за станам гары пастаянна сочаць: цяпер фіксуецца павышаны ўзровень вады, але сама гара стабільная.

«Усе схілы гары Гедыміна праходзяць фізічны агляд і ацэньваецца яе стан пасля ўчорашняга дажджу», — гаворыцца ў паведамленні. У Нацыянальным музеі не выключаюць магчымасці з'яўлення новых расколін і апоўзняў, бо сітуацыя будзе залежаць ад надвор'я.

Маштабны апоўзень на гары Гедыміна ў 2017 годзе прывёў да адкрыцця пахаванняў ХІХ стагоддзя. Пасля археалагічных раскопак і наступных даследаванняў выявілася, што гэта пахаванні паўстанцаў 1863-1864 гадоў, пакараных смерцю расійскімі ўладамі ў Вільні. Сярод іх аказаліся і парэшткі нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. 

Перапахаванне паўстанцаў 22 лістапада 2019 года стала маштабнай беларускай нацыянальнай дэманстрацыяй, увесь шлях працэсіі з Кафедральнай плошчы на могілкі Росы патанаў у бела-чырвона-белых сцягах. 

Nashaniva.com