Кіраўнік Луганскай вобласці дапусціў, што ўкраінскія войскі могуць пакінуць Лісічанск

Адступленне з пярэдніх пазіцый у апошнім буйным горадзе Луганшчыны, які застаецца пад кантролем Украіны, дазволіць пазбегнуць акружэння, паведаміў кіраўнік Луганскай аблваенадміністрацыі Сяргей Гайдай.

23.06.2022 / 17:48

Фота ДСНС Украіны.

«Каб пазбегнуць акружэння, наша камандаванне можа аддаць войскам прыказ адступіць на новыя пазіцыі, — сказаў Гайдай у звароце. — Увесь Лісічанск знаходзіцца ў межах даступнасці іх агню. У горадзе вельмі небяспечна».

Ён таксама адзначыў, што наземнае злучэнне з горадам пакуль адкрытае і эвакуацыя цывільных грамадзян працягваецца, абвергнуўшы інфармацыю расійскай прапаганды пра тое, што нібыта горад акружаны і адрэзаны ад забеспячэння. 

Лісічанск і Севераданецк з'яўляюцца асноўнай мэтай расійскай ваеннай кампаніі ў Данбасе і Расія кінула значныя сілы на гэты напрамак. У офісе прэзідэнта Украіны заявілі, што баі ў гэтым рэгіёне ўваходзяць у вырашальную фазу.

Nashaniva.com