«Твая матулька не дазволіць адабраць тваё жыццё» — флэшмоб супраць вайны ва Украіне ФОТЫ
Фота з дзіцячымі цацкамі і антываеннымі лістамі апублікаваў тэлеграм-канал «Союз Матерей». Паводле іх інфармацыі, такі флэшмоб супраць вайны ва Украіне, супраць адпраўкі беларускіх вайскоўцаў на вайну праводзяць беларускія маці.
06.07.2022 / 15:36
Жанчыны, паводле «Союза Матерей», кладуць цацкі сваіх дзяцей на відным месцы з аркушом паперы, дзе пішуць сваё стаўленне да вайны:
«Вайна забівае і тых, хто застаўся ў жывых».
«Перастаньце забіваць дзяцей».
«Мой маленькі слонік, мой любы коцік, мой сынок. Твая матулька не дазволіць адабраць тваё жыццё».
Калі нехта рашыць далучыцца да флэшмобу, «Союз Матерей» дае рэкамендацыі:
— побач з цацкамі пакідайце надпісы, раздрукаваныя на друкарцы,
— пакідайце цацкі альбо там, дзе ў дадзены момант побач нікога няма, альбо ў пад'ездах,
— выдаліце фатаграфіі адразу пасля таго, як яны адпраўленыя ў ініцыятыву.