«Дом Масквы» ў Вільні мастакі ператвораць у сімвал моцы Украіны

Каманда дзеячаў мастацтва з Літвы, Украіны і Эстоніі аб'яднала свае намаганні, каб паслаць свету вестку. Мастакоў падтрымлівае Пасольства Украіны і ўкраінская грамада Літвы. Мастакі ператвораць будынак-прывід у сімвал моцы Украіны, паведамляе Delfi.lt.

11.07.2022 / 18:36

«Вядома, «Дом Масквы» мы выбралі невыпадкова. Гэты будынак павінен быў стаць сімвалам моцы Расеі, мы цяпер увекавечым у ім тое, што выклікае канвульсіі ў Крамля — рашучы адпор Украіны. У пэўным сэнсе мы аддаем дом Масквы Украіне. Можам зрабіць гэта ўсім разам — мастакам, прадпрымальнікам і ўсім людзям добрай волі», — сказала аўтарка ідэі, кіраўнік лабараторыі мастацтва Kiaurai sienas Ліна Шліпавічуце.

На фасад «Дома Масквы» перанясуць фатаграфію Алены Цітарэнка з цыкла партрэтаў, на якой адлюстраваная валанцёрка, якая дапамагае бежанцам і украінскім вайскоўцам у Запарожжы. Назва праекта — Да перемогі/ До победы / Iki pergalės.

Ідэю падтрымалі і грамада ўкраінцаў Літвы, і пасольства Украіны. «Неафрэска на так званым Доме Масквы стане своечасовым і магутным сімвалам адзінства краін Балтыі і Украіны», — сказаў пасол Украіны Пятро Бешта.

Для ажыццяўлення праекта патрабуецца 13 000 еўра.

Nashaniva.com