За наезд на супрацоўніка міліцыі жыхару Баранавічаў далі сем гадоў калоніі. Ён вярнуўся з Польшчы

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 11 ліпеня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Паўла Лінкевіча, абвінавачанага ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса).

12.07.2022 / 09:35

Павел Лінкевіч

Судовы працэс вёў суддзя Мікалай Кміта, паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў следства, у жніўні 2020 года ў Баранавічах 35-гадовы мужчына, седзячы за рулём пазадарожніка, здзейсніў наўмысны наезд на супрацоўніка органаў унутраных спраў, які ажыццяўляў ахову грамадскага парадку. У выніку супрацоўніку былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні, з якімі яго шпіталізавалі ў бальніцу.

Супрацоўнікі ДАІ праследавалі абвінавачанага, аднак кіроўца кінуў свой аўтамабіль паблізу вёскі Антанова, а сам збег.

Мужчына быў абвешчаны ў вышук і пасля вяртання з Польшчы 5 траўня 2022 года ў Баранавічы ён быў затрыманы і змешчаны пад варту.

Судовы працэс пачаўся 7 ліпеня.

Прадстаўнік абвінавачання запрасіў для Лінкевіча пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў і 10000 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі пацярпеламу супрацоўніку міліцыі.

Акрамя таго, накіравалі іск у грамадзянскі суд аб прызнанні аўтамабіля Лінкевіча сродкам здзяйснення злачынства, каб потым канфіскаваць. Праўда, аўтамабіль стаіць на расійскім уліку.

Паўла Лінкевіча прызналі вінаватым і асудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com