Мінчанцы, якая сфатаграфавалася на фоне барабаншчыкаў, далі тры гады хатняй хіміі

У судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд менеджарцы па міжнародных перавозках Анастасіі Санкоўскай, якая была абвінавачаная ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак альбо ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

18.07.2022 / 10:52

Судовы працэс вяла суддзя Анастасія Ачалава, паведамляе «Вясна».

Анастасію Санкоўскую затрымалі 31 сакавіка 2022 года. Спачатку яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а потым прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту — нібыта яна падчас акцый пратэсту разам з іншымі ўдзельнікамі перакрывала вуліцы.

Падставай для крымінальнага пераследу былі фотаздымкі ў яе мабільным тэлефоне, на якіх Санкоўская зафіксаваная ў момант руху па праезнай частцы дарогі на фоне барабаншчыкаў.

У судзе Санкоўская сам факт удзелу ў акцыі не аспрэчвала, але не пагадзілася са сцверджаннем пракурора, што пры гэтым выкрыквала лозунгі і непадпарадкоўвалася патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

14 ліпеня суд пастанавіў прызнаць Анастасію Санкоўскую вінаватай і прысудзіў ёй абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады («хатняя хімія»).

Жанчыну вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Nashaniva.com