СБУ: Частка расійскіх войскаў зайшла ва Украіну з картамі 1969 года

Пра гэта сёння заявіла Служба бяспекі Украіны, апублікаваўшы некалькі здымкаў карт. У СБУ кажуць, што выявілі іх на «часова акупаваных тэрыторыях Харкаўскай вобласці».

18.07.2022 / 15:26

У прыватнасці, такімі картамі карысталася 138-я гвардзейская мотастралковая брыгада.

Напрыклад, на картах цалкам адсутнічае Салтаўскі жылы масіў Харкава, які забудоўваўся з пачатку 1970-х гадоў і які цяпер з'яўляецца адным з самых вялікіх раёнаў горада (на працягу лютага і сакавіка ён некалькі разоў абстрэльваўся).

Таксама на картах адсутнічаюць Травянскае і Мурамскае вадасховішчы, пабудаваныя ў 1970-я, а дзяржаўная мяжа паміж Украінай і Расіяй намаляваная шарыкавай асадкай, паколькі на картах яе наогул не было — у 1969 годзе Украіна і Расія ўваходзілі ў склад СССР, і ідэя ваеннага канфлікту паміж імі была абсурднай.

Nashaniva.com