За хабар затрымалі кіраўнікаў двух магілёўскіх прадпрыемстваў

17.09.2009 / 15:18

Пракуратурай Магілёўскай вобласці ў адносінах да кіраўнікоў двух прадпрыемстваў распачата справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Як паведаміла старэйшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Ала Кузняцова, кіраўнік прыватнага вытворча-гандлёвага унітарнага прадпрыемства «Рэгенератарны завод» і кіраўнік яшчэ аднаго магілёўскага прыватнага прадпрыемства атрымалі хабар у памеры 130 тыс. даляраў ад індывідуальнага прадпрымальніка. У такую суму было ацэнена станоўчае рашэнне пытання аб заключэнні дамовы бязвыплатнага карыстання арачным складам рэгенератарнага завода з яго наступным выкупам.

Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе праводзіцца следчым аддзелам пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН