Знеслі яшчэ адзін помнік на брацкай магіле жаўнераў Арміі Краёвай — у Стрыеўцы пад Гроднам

У Стрыеўцы Гродзенскага раёна стаяў каменны абеліск у памяць жаўнераў 7-га ўдарнага батальёна Арміі Краёвай, якім камандаваў Збігнеў Чарноцкі «Чарны». 20 верасня 1943 года гэты атрад вёў бой з нямецкай вайсковай паліцыяй пад Стрыеўкай, страціўшы ў ім 32 жаўнеры. Імёны большасці загінулых былі напісаныя на дошцы, змешчанай на абеліску, але гэта не спыніла вандалаў са спецслужбаў, піша Glosznadniemna.pl

22.07.2022 / 18:42

Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Рачкоўскі стаіць каля знішчанай магілы

Жыхар вёскі Азёры, дзе знаходзіцца аднайменны СПК, учора паведаміў рэдакцыі Znadniemna.pl пра намер уладаў знішчыць адзін з найбольш захаваных помнікаў памяці жаўнерам Арміі Краёвай у вёсцы Стрыеўка, якія загінулі ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі.

Як запэўніла крыніца выдання, «у сувязі з тым, што ніхто з мясцовых жыхароў не адважыцца ўчыніць святатацтва, напрыклад, парушыць спакой воінаў, якія спачываюць ля помніка, яны, верагодна, прыцягнулі да разбурэння мемарыяла рабочых са Шчучына».

Ужо сёння было атрымана пацвярджэнне апаганьвання магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Стрыеўцы ад амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага. Ён даслаў фотаздымак генеральнага консула Польшчы ў Гродне Анджэя Рачкоўскага, які аддае даніну памяці загінуўшым жаўнерам у апаганеным беларускімі ўладамі месцы ўшанавання іх памяці.

Помнік на магіле жаўнераў Арміі Краёвай быў усталяваны ў 1992 годзе дзякуючы намаганням Сусветнага саюза жаўнераў Арміі Краёвай пры падтрымцы Рады аховы баявой і пакутніцкай памяці. Магіла даглядалася Таварыствам жаўнераў Арміі Краёвай пры Саюзе палякаў Беларусі.

Nashaniva.com