Цана газу ў Еўропе ўпершыню з сакавіка перавысіла $2350 за 1 тысячу кубаметраў

Біржавыя цэны на газ у Еўропе працягваюць расці на фоне скарачэння аб'ёму паставак па «Паўночным патоку — 1». З 27 ліпеня пастаўкі па трубаправодзе ўпадуць да 20% ад поўнай магутнасці.

27.07.2022 / 10:02

Фота: AP

Біржавая цана газу на пачатку таргоў на пляцоўцы ICE Futures ўзляцела вышэй за $2300 за тысячу кубаметраў. Кошт жнівеньскага ф'ючарса на хабе TTF ў Нідэрландах вырас на 10,6%, дасягнуўшы €221 за 1 МВт*г, ці амаль $2352 за тыс. куб. м з улікам бягучага курсу еўра да даляра на рынку Форекс, сведчаць даныя біржы ICE.

На такіх узроўнях газ гандлюецца ў Еўропе ўпершыню з 8 сакавіка 2022 года.

25 ліпеня кампанія «Газпрам» паведаміла, што з 27 ліпеня будзе спыненая газавая турбіна на кампрэсарнай станцыі «Партовая» газаправода «Паўночны паток» з-за заканчэння тэрміну міжрамонтнай напрацоўкі да капітальнага рамонту. Такім чынам, аб'ём прапампоўкі газу скароціцца ў два разы — з 67 млн да 33 млн кубаметраў на суткі, або прыкладна да 20% ад планавай магутнасці трубаправода.

Nashaniva.com