Лукашэнка пра «адцісканне» долі ў Клайпедзе: Гэта не павінна прайсці беспакарана

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры ў сувязі з тым, што беларускі бок быў фактычна пазбаўлены ўласнасці ў клайпедскім порце. Адпаведную заяву ён зрабіў на нарадзе па стварэнні партовых магутнасцяў для экспарту беларускай прадукцыі, паведамляе яго прэс-служба.

11.08.2022 / 11:27

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што акрамя санкцый у дачыненні да транспарціроўкі калію, Літва таксама фактычна забрала ўласнасць беларускага прадпрыемства ў Клайпедзе. З 2013 года «Беларуськалій» з'яўляецца ўласнікам 30% акцый Клайпедскага тэрмінала сыпучых грузаў ВКТ.

«Мала таго што гэтыя санкцыі незаконна ўвялі, дык яшчэ і фактычна забралі вашу ўласнасць», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.

«Адціснулі», — удакладніў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

«Гэта не павінна прайсці беспакарана, — падкрэсліў Лукашэнка. — Прадумайце і мне далажыце, якія меры мы можам і прымем у найбліжэйшы час і ў сярэднетэрміновай перспектыве. Адбіраць, адціскаць уласнасць нікому не дазволена. Мала таго, што там нашы санаторыі, дзе мы лячылі чарнобыльцаў, як ты кажаш, «адціснулі» (гаворка аб санаторыі «Белоруссия» ў латвійскай Юрмале, вымушаным спыніць працу праз санкцыі), так і тут. Гэта ж немалыя грошы. Таму меры павінны быць прынятыя як сёння-заўтра, і паслязаўтра».

Nashaniva.com