Стала вядома, як будзе фармавацца Каардынацыйная Рада

Каардынацыйная Рада будзе рэфармаваная, але правесці агульныя выбары ў яе не атрымаецца, распавёў у эфіры «Еўрарадыё» дарадца Святланы Ціханоўскай, сябра Каардынацыйнай рады Аляксандр Дабравольскі.

16.08.2022 / 15:34

Кабінет — гэта выканаўчы орган, а Каардынацыйная Рада — прадстаўнічы, тлумачыць Дабравольскі.

Паводле яго, у абноўленую Каардынацыйную Раду ўвойдзе каля ста чалавек — прадстаўнікоў розных ініцыятыў і арганізацый, якія цяпер працуюць на перамены ў Беларусі.

«Гэта павінен быць прадстаўнічы орган, які абіраецца шырокім колам беларусаў. Аднак пакуль немагчыма стварыць умовы, каб гэта было зроблена», — гаворыць Дабравольскі.

Паводле яго, цяпер правесці галасаванне з удзелам людзей з Беларусі — нерэальна. Бо ніхто не можа гарантаваць бяспечнае галасаванне для людзей у краіне. «Пакуль гэта нерэальна, патрэбнае дэлегаванне».

Праз 6 месяцаў ці больш, кажа ён, такая платформа можа запрацаваць, але важна, каб на ёй была зарэгістраваная і ідэнтыфікаваная значная колькасць беларусаў. Тады адбудуцца прамыя выбары.

А да гэтага легітымнасць Рады будзе забяспечвацца не прамымі выбарамі, а дэлегаваннем.

Nashaniva.com