Уведзены новы аплатны інструмент, які будзе працаваць разам з банкаўскімі картамі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 293, згодна з якім палажэнні ўказа № 493 ад 16 кастрычніка 2014 года «Аб развіцці безнаяўных плацяжоў» будуць прыведзеныя ў адпаведнасць з Законам «Аб аплатных сістэмах і аплатных паслугах» ад 19 красавіка 2022 года. Пра гэта паведаміла прэс-служба палітыка.

22.08.2022 / 20:07

Фота ілюстрацыйнае

Указам прадугледжваецца стварэнне новага плацежнага інструмента — праграмнага прыкладання для аплаты тавараў і паслуг, якое будзе функцыянаваць разам з банкаўскімі картамі.

Яно будзе забяспечваць доступ да рахунку кліента ў банку і магчымасць правядзення плацяжоў за кошт тых грашовых сродкаў, якія маюцца на ім.

Дакумент, акрамя таго, здыме абмежаванні на выкарыстанне АРІП як адзінай аплатнай сістэмы ў працэсе правядзення буйных плацяжоў фізічнымі асобамі за тавары, паслугі або работы.

Таксама, як гаворыцца, па шматлікіх просьбах грамадзян указ падаўжае тэрмін абмену грашовых банкнот узору 2000 года на купюры ўзору 2009-га да канца 2024 года.

Nashaniva.com