Ландсбергіс: Калі ЕС не забароніць візы для расіян, Літва будзе шукаць рэгіянальнае рашэнне

Калі Еўрасаюз (ЕС) не дамовіцца аб нявыдачы турыстычных віз расіянам, то афіцыйныя ведамствы Літвы будуць абмяркоўваць магчымасць зрабіць гэта на рэгіянальным узроўні, заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, піша Delfi.lt.

23.08.2022 / 13:53

Фота: EPA

«У першую чаргу, мы будзем імкнуцца да еўрапейскага рашэння таму, што яно самае ўстойлівае, самае дакладнае з прававога пункту гледжання. (…) Калі такога не будзе, мы не выключаем магчымасць пошуку рэгіянальнага рашэння, якое ўключала б краіны Балтыі, Польшчу, і, патэнцыйна, Фінляндыю», — пасля пасяджэння Камітэта па замежных справах у Сейме заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

На мінулым тыдні Ландсбергіс выказаў меркаванне, каб забарона на выдачу віз для расіян была эфектыўнай, краіны ЕС павінны аднагалосна ануляваць раней выдадзеныя «шэнгены» і забараніць выдачу новых. Ён лічыць, што адмяніць раней выдадзеныя доўгатэрміновыя візы неабходна як мінімум на перыяд вайны ва Украіне.

«Пачынаючы з гэтага моманту, трэба сказаць яснае «не» турыстам з Расіі і Беларусі», — сказаў тады Ландсбергіс.

На яго думку, Еўропа павінна прымаць тых, «каму патрэбны прытулак, а не адпачынак».

Nashaniva.com