Мытнікі знайшлі 1000 даляраў у шакаладнай цукерцы, якую адправілі ў Новую Зеландыю

Беларускія мытнікі знайшлі 1000 даляраў у шакаладнай цукерцы, якую адправілі з Беларусі ў Новую Зеландыю. Цукерка была запакаваная ў дзве абгорткі, піша «БелТА».

23.08.2022 / 18:43

Фота ілюстрацыйнае

Усяго з пачатку года Мінская рэгіянальная мытня выявіла больш за 300 спробаў перасылкі наяўных грошай у міжнародных паштовых адпраўленнях праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» і пункт мытнага афармлення «Мінская пошта». Яшчэ ў адным выпадку з Германіі ў Беларусь прыслалі 2770 даляраў.

Цікава, што двойчы ў лістах з Лівана знаходзілі ліванскія фунты. У адным адпраўленні было 200 банкнот наміналам у 1000 ліванскіх фунтаў, у іншым — пяць банкнот у 100 тыс. фунтаў. Апошнія маюць калекцыйную каштоўнасць, бо банкноты ў 100 тыс. ліванскіх фунтаў былі выпушчаныя абмежаваным накладам у 150 тыс. штук у 2020 годзе ў гонар 100-годдзя Лівана. Яны сталі першымі грашыма, у якіх выкарыстаныя элементы абароны Cinema і Vivid, якія робяць малюнак трохмерным.

Nashaniva.com