Пераможная поза легендарнага бегуна Усэйна Болта стала таварным знакам

Ямайскі бягун Усэйн Болт рэгіструе ў якасці таварнага знака сваю знакамітую пераможную позу. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце Упраўлення па патэнтах і таварных знаках ЗША.

23.08.2022 / 22:04

 

Васьміразоваму алімпійскаму чэмпіёну — 36 гадоў. Свае перамогі ён традыцыйна святкаваў у адной і той жа позе: выпростваў левую руку, пры гэтым згінаючы правую і паказваючы пальцамі на неба. Менавіта гэты сілуэт на белым фоне і вырашана запатэнтаваць.

Усэйн Болт выйграў забегі на 100 і 200 метраў на трох Алімпіядах запар, у 2008, 2012 і 2016 гадах. Падобнае не ўдалося пакуль што паўтарыць ніводнаму іншаму спартсмену. А Болт завяршыў кар'еру ў 2017 годзе.

У будучыні Болт плануе размяшчаць свой лагатып на вопратцы, абутку, галаўных уборах і ювелірных вырабах, сказана ў патэнтных дакументах. 

Nashaniva.com