За пасты і рэпосты «ВКонтакте» віцябляніна асудзілі да 4,5 гадоў калоніі

У Віцебскім абласным судзе вынеслі прысуд 34-гадоваму Аляксею Рэзнікаву — чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў, піша «Вясна».

01.09.2022 / 19:48

За пасты і рэпосты ва «ВКонтакте» Рэзнікава абвінавацілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Вядома, што Аляксей працаваў раней за мяжой, але вясной з-за цяжкага стану ягонай маці ён вярнуўся дадому, дзе і быў затрыманы. Праз тры дні пасля арышту сына памерла ягоная маці. Мужчына застаўся без сваякоў і знаходзіцца больш за чатыры месяцы пад арыштам ў віцебскім СІЗА № 2.

Nashaniva.com