Святар Багамольнікаў пасля 14 адседжаных сутак на волю не выйшаў

У праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава 14 верасня мінаў чатырнаццацісуткавы тэрмін адміністрацыйнага арышту, які яму далі пасля брутальнага затрымання ГУБАЗіКам 31 жніўня. Але яго не выпусцілі, даўшы новыя 15 сутак, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

15.09.2022 / 21:06

Уладзіслаў Багамольнікаў (злева) на Плошчы Перамен

Падставай для новага пакарання паслужыў перадрук матэрыялу СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім».

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі. Ён восенню 2020 года служыў на Плошчы Перамен паніхіду па забітым Раману Бандарэнку, абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Рэжымныя тэлеграм-каналы раней паведамлялі, што святара, які дапамагаў украінскім уцекачам, пераследуюць нібыта за збор сродкаў для УСУ. Супраць Багамольнікава прапаганда разгарнула ў інтэрнэце цэлую кампанію цкавання і пагроз.

Nashaniva.com