У Вільні па палітычных меркаваннях адмянілі канцэрт беларускага аркестра

У Вільні адмянілі канцэрт беларускага аркестра Classic Energy orchestra, які павінен быў прайсці 24 верасня. Літоўскі палітык Давіле Шакалене заявіла, што выступ беларускага калектыву недапушчальны, паколькі Мінск падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, а дырыжор Юрый Караваеў таксама заняты ў Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестры і такім чынам «служыць рэжыму». Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на LRT.

23.09.2022 / 17:31

Фота: afisha.ru

Першапачаткова канцэрт быў прызначаны на 23 красавіка, аднак пасля перанесены на 24 верасня. Цяпер на сайце канцэртнай залы, дзе павінен быў прайсці канцэрт Classic Energy orchestra, з'явілася аб'ява адміністрацыі аб тым, што мерапрыемства адмененае.

Не прынята пад увагу і тое, што калектыў заяўляе, што яго музыкі супраць вайны, не падтрымліваюць агрэсію і гатовыя прапанаваць удзел у сваіх праектах украінскім выканаўцам.

«Думаю, што ўсім і кожнаму зразумела, што культура сёння з'яўляецца мяккай сілай аўтарытарных рэжымаў. Выканаўца, якім апякуецца Лукашэнка, не ёсць пажаданай персонай у Літве», — заявіла ў эфіры LRT член парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Давіле Шакалене.

Nashaniva.com