Гарадскія ўлады часова зачынілі Чырвоны касцёл

Праца касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны) часова прыпыненая. Такое рашэнне прынятае на пазачарговым пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна, пішуць «Мінск-навіны».

26.09.2022 / 14:40

Нагадаем, што мінулай ноччу ў храме адбылося ўзгаранне. А чацвёртай гадзіне спрацавала пажарная сігналізацыя. Агонь пашкодзіў маёмасць на плошчы ў 20 кв. м., пацярпелых не было.

— Цяпер разглядаюцца і аналізуюцца ўсе абставіны інцыдэнту, — паведаміла кіраўніца адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка. — У сувязі з гэтым камісіяй па надзвычайных сітуацыях прынятае рашэнне часова забараніць эксплуатацыю будынка.

Калядка дадала, што ў касцёле неабходна аднавіць працу сістэм пажаратушэння, а таксама электрычнага абсталявання і праводкі. Таксама трэба абследаваць канструкцыі будынка.

— Да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясення заключэнняў кампетэнтнымі спецыялістамі ўсе мерапрыемствы ў Чырвоным касцёле будуць прыпыненыя, — рэзюмавала кіраўніца адміністрацыі Маскоўскага раёна.

Nashaniva.com