У Крамлі заявілі, што Пуцін і Лукашэнка не абмяркоўвалі прызнанне Абхазіі

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка не абмяркоўвалі на перамовах у Сочы пытанне прызнання Беларуссю самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.

29.09.2022 / 14:37

«Не, гэтыя тэмы не былі на парадку дня», — сказаў Пяскоў, адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў.

Нагадаем, 28 верасня Аляксандр Лукашэнка пасля перамоў з Уладзімірам Пуціным нечакана наведаў непрызнаную рэспубліку Абхазія, якую Грузія лічыць акупаванай Расіяй тэрыторыяй. Падчас візіту Лукашэнка заявіў, што напярэдадні ў Сочы яны з прэзідэнтам РФ «вельмі шмат, да ночы абмяркоўвалі» Абхазію.

Грузія рэзка асудзіла дзеянні Лукашэнкі. Прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі назвала гэты візіт «цынічным падыходам», які парушае ўсе нормы і прынцыпы міжнароднага права.

Nashaniva.com