Адказ будзе, якога не чакаюць. Кіраўнік абароннага камітэта Дзярждумы РФ пракаментаваў выбух на Крымскім мосце

Калі за падрывам Крымскага моста сапраўды стаіць украінскі бок, то Расіяй будзе дадзены адказ, які «яны ўсе адчуюць». Пра гэта «Ведамасцям» заявіў кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне генерал-палкоўнік Андрэй Картаполаў.

09.10.2022 / 18:30

Фота: АР

Ён сказаў, што Пуцін паставіў задачу разабрацца ў тым, што здарылася, створаная спецыяльная камісія. «Потым будуць названыя вінаватыя. Крымінальная справа заведзеная па факце ўчынення падрыву моста. А падрыў — гэта тэрарызм», — кажа Картаполаў.

На пытанне пра тое, ці будзе Масква адказваць, «калі высветліцца, што за тэрактам стаіць Кіеў», Картаполаў адказаў, што «адказ будзе».

«А які адказ будзе, мы з вамі даведаемся. Наш прэзідэнт і вярхоўны галоўнакамандуючы ніколі не робіць тое, што ад яго чакаюць «партнёры». Ён робіць тое, што ад яго не чакаюць. Гэта будзе тое, што яны ўсе адчуюць», — заявіў кіраўнік абароннага камітэта.

У суботу каля шасці раніцы на Крымскім мосце адбыўся выбух. На мосце знаходзіліся фура і легкавы аўтамабіль, які абганяў яе. У гэты ж час па чыгуначнай частцы моста праходзіў састаў з вагонаў-цыстэрнаў. З-за выбуху цыстэрны з палівам загарэліся. Два пралёты моста рухнулі.

Паводле расійскіх крыніц, аўтамабільны і чыгуначны рух на мосце сёння былі адноўленыя. Наколькі ўпаў трафік, не паведамляецца.

Nashaniva.com