На Шчучыншчыне чалавек загінуў пад самаробным трактарам

У Шчучынскім раёне мужчына на самаробным трактары не справіўся з кіраваннем, вылецеў у кювет. Трактар прыціснуў чалавека так, што ягоны гаспадар памёр па дарозе ў бальніцу. Пра гэта паведамляе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці.

10.10.2022 / 18:49

У нядзелю, 9 кастрычніка, у 18.40 у мясцовую міліцыю паступіла паведамленне аб аварыі з цяжкімі наступствамі на 23-м кіламетры дарогі «Беліца — Жалудок».

Прыбыўшы на месца выкліку, супрацоўнікі ДАІ пабачылі, што 40-гадовы кіроўца, за рулём самаробнага трактара ў счэпцы з возам, паблізу пасёлка Дубрава не справіўся з кіраваннем, вылецеў у кювет і перакуліўся. Трактарам мужчыну прыціснула да зямлі.

Відавочцы здарэння паднялі трактар і выклікалі медыкаў, але выратаваць чалавека не ўдалося: ён памёр па дарозе ў бальніцу.

У ДАІ адзначылі, што мужчына не меў пасведчання кіроўцы. Яго ў яго забралі яшчэ ў 2017 годзе, бо чалавека двойчы лавілі нецвярозым за рулём.

Nashaniva.com