Сусветны банк абвясціў, што ўсе крэдыты Беларусі не абслугоўваюцца праз пратэрміноўку
Усе крэдыты Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР), якія былі прадастаўлены Рэспубліцы Беларусь або гарантаваныя Беларуссю, з 17 кастрычніка пераведзены ў статус неабслугоўваных.
18.10.2022 / 09:33
Пра гэта паведаміла прэс-служба Сусветнага банка.
Згодна з працэдурай фінансавай установы, усе крэдыты краіны атрымліваюць статус неабслугоўваных, калі па любым з іх плацёж пратэрмінаваны больш чым на шэсць месяцаў.
У Беларусі на 14 кастрычніка сума пратэрміноўкі перад МБРР складала 68,43 млн даляраў у эквіваленце. Асноўная сума запазычанасці па крэдытах МБРР складае 967 млн даляраў — гэта 0,42 працэнта ад агульнай сумы непагашаных пазык МБРР.
Раней МБРР прыпыніў выдачу крэдыту Беларусі. Група Сусветнага банка спыніла ўсе свае праграмы ў Беларусі, як і ў Расіі, 2 сакавіка 2022 года пасля ўварвання Расіі ва Украіну, у якім Беларусь стала памагатым агрэсара. Беларусі не было ўхвалена ніводнага новага крэдыту з мая 2020 года.