Столтэнберг: НАТА паставіць Украіне сістэмы СПА для барацьбы з беспілотнікамі «найбліжэйшымі днямі»

НАТА паставіць Украіне сістэмы супрацьпаветранай абароны «найбліжэйшымі днямі», заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг 18 кастрычніка, пасля таго як Украіна заявіла, што больш як тыднёвыя расійскія авіяўдары знішчылі амаль траціну ўкраінскіх электрастанцый, піша Радыё Свабода.

18.10.2022 / 22:24

Енс Столтэнберг. Фота: AP Photo/Olivier Matthys

Генеральны сакратар, выступаючы на канферэнцыі па бяспецы ў Берліне, сказаў, што сістэмы супрацьпаветранай абароны дапамогуць Украіне абараніцца ад нападаў, у тым ліку ад беспілотнікаў іранскай вытворчасці, якія выклікалі смерць і разбурэнне пасля таго, як Расія пачала новую хвалю атак на Украіну 10 кастрычніка.

«Самае галоўнае, што мы можам зрабіць, — гэта выканаць тое, што абяцалі саюзнікі, актывізаваць працу і паставіць яшчэ больш сістэм СПА», — сказаў Столтэнберг.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля чарговай серыі ўдараў з боку Расіі заявіў, што з 10 кастрычніка знішчана 30% украінскіх электрастанцый.

Nashaniva.com