Кіраўніца Еўракамісіі: ЕС за восем месяцаў на дзве траціны замясціў расійскі газ

Кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што з лютага 2022 года краіны Еўрасаюза значна скарацілі залежнасць ад расійскага газу. З такой заявай яна выступіла на пасяджэнні Еўрапейскага парламента ў Страсбургу.

19.10.2022 / 12:12

«Увесну мы меркавалі, што адмова ад расійскага газу зойме сем гадоў. На сёння факты такія: нам спатрэбілася ўсяго восем месяцаў, каб замяніць дзве траціны (паставак расійскага газу). Іншымі словамі, мы значна паскорылі пераход на іншых замежных пастаўшчыкоў газу. Але за гэта давялося заплаціць высокую цану».

Напярэдадні Еўракамісія прэзентавала пакет мер, накіраваных на барацьбу з энергетычным крызісам у Еўропе. У прыватнасці, яна прапанавала, каб краіны — члены ЕС дзяліліся адзін з адным газам, а на найбуйнейшай газавай біржы ў Еўропе TTF ўвялі механізм часовага абмежавання цэн.

Nashaniva.com