Ведамства Макея ўспомніла пра дзяцей і мараль

Міністэрства замежных спраў Беларусі адказала МЗС Літвы адносна прапановы ўзгаднення спісаў на аздараўленне беларусаў у санаторыі «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках з Офісам Святланы Ціханоўскай. 

20.10.2022 / 17:29

Беларускае МЗС заклікала літоўскі бок «перагледзець сваю адыёзную і абсалютна непрымальную ініцыятыву».

«Расцэньваем гэтую выхадку літоўскага знешнепалітычнага ведамства як поўнае растаптанне ўсіх нормаў цывілізаваных зносін, ператварэнне ў фарс сістэмы дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле ведамства Уладзіміра Макея, літоўскае МЗС «выдатна ведае», што ў асноўным у санаторый «Беларусь» у Друскенікі едуць аздараўляцца дзеці. «Спроба Вільні адкрыта спекуляваць на здароўі беларускіх дзяцей знаходзіцца за межамі чалавечай маралі», — падкрэсліваюць у МЗС.

Таму беларускае МЗС заклікала літоўскіх калегаў перагледзець»сваю адыёзную і абсалютна непрымальную ініцыятыву», каб «не было сорамна не толькі перад беларускімі, але і сваімі дзецьмі».

Чытайце таксама:

МЗС Літвы: Лячыць беларусаў у санаторыі «Беларусь» у Друскеніках можна па ўхваленні офіса Ціханоўскай

Nashaniva.com