Парламент Малдовы стварыў групу падтрымкі дэмакратычнай Беларусі

20 кастрычніка парламент Малдовы стварыў групу падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, піша newsmaker.md. У яе ўвайшлі 19 дэпутатаў кіруючай праеўрапейскай партыі «Дзеянне і салідарнасць». Кіраваць ёй будзе дэпутатка Марына Марозава.

20.10.2022 / 22:14

Адна з акцый у падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў Кішынёве. Фота: noi.md

Мэтай стварэння групы называецца паглыбленне дыялогу паміж парламентам Малдовы і дэмакратычным рухам Беларусі. Таксама парламентарыі Малдовы «пацвердзілі сваю прыхільнасць да прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў і абароны асноўных правоў і свабодаў чалавека». Раней падобныя групы падтрымкі з'явіліся ў парламентах Латвіі, Эстоніі, Украіны.

На пасяджэнні парламента Малдовы прысутнічаў Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацоўніцтве з парламентскай супольнасцю.

Апазіцыя ў парламенце Малдовы (камуністы і сацыялісты) у галасаванні па стварэнні групы не ўдзельнічалі, «каб не сапсаваць адносіны з Беларуссю». Але яна была ў меншасці, таму не змагла ніяк паўплываць на рашэнне.

Усяго ў складзе парламент Малдовы — 101 дэпутат, з іх 63 цяпер належаць да фракцыі «Дзеянне і салідарнасць».

Nashaniva.com