У лістападзе часткова адкрыюць гандлёвы цэнтр каля вакзала ў Мінску. Што там будзе

Minsk City Mall знаходзіцца побач з аўтастанцыяй «Дружная» і станцыяй метро « Вакзальная», на скрыжаванні вуліц Талстога і Рабкораўскай. Аб пачатку будаўніцтва ГЗЦ стала вядома летам 2018 года, аб ім заявіў расійскі дэвэлапер Amtel Properties. Адкрыць ГЦ збіраліся летам гэтага года, але дата перанеслася. Па праекце, гэта трохпавярховы цэнтр на 50 тысяч «квадратаў» з IMAX-кінатэатрам, беларускімі і замежнымі брэндамі, прадуктовай крамай і фудкортам. Што зараз адбываецца з ГЦ і калі чакаць адкрыцця, Realt пацікавіўся ў Amtel Properties.

21.10.2022 / 13:13

— У сярэдзіне лістапада ў гандлёвым цэнтры адкрыецца Green. Уваход у супермаркет будзе з вуліцы Талстога. Крама будзе працаваць у стандартным рэжыме, а ўрачыстае адкрыццё пройдзе пазней, — распавялі ў Amtel Properties.

Пасля супермаркета паступова будуць адчыняцца і іншыя крамы, гавораць у кампаніі. У першую чаргу, камерцыйную дзейнасць пачнуць на першым паверсе.

— Гэта будзе шырока распаўсюджаны фармат для гандлёва-забаўляльнага комплекса: аптэка, ювелірная крама, кавапоінт, крама сухафруктаў і спецый, банкаўскія паслугі і паслугі сотавай сувязі.

Раней у кампаніі распавядалі, што на другім паверсе будуць працаваць крамы адзення, абутку, скургалантарэі. Абяцалі, што прыйдуць «самыя папулярныя».

На трэцім праектам запланаваны IMAX-кінатэатр з асобнай залай для прэмʼернага прагляду, VIP-заламі і кінабарам.

— З кінатэатрам Silver Screen мы ўзгаднілі фінальную версію дызайн-праекта з сучаснай тэхналогіяй кінапракату. Знайшоўшы нестандартныя тэхналогіі, мы спадзяемся прыцягнуць самага патрабавальнага наведвальніка, — кажуць у Amtel Properties.

Таксама ў цэнтры плануюць адкрыцца дзіцячыя брэнды і фудкорт, які, паводле ранейшых расповедаў, ужо ўкамплектавалі.

Сярод кропак фастфуду — Burger King, KFC, «Додо Пицца», «Мама Дома», WOK.

Калі цалкам адкрыецца ТРК, у Amtel Properties пакуль не гавораць.

— Некалькі нашых арандатараў ужо прадумваюць свае ўрачыстыя адкрыцці і ўзгадняюць іх з горадам. Гэта адбудзецца найбліжэйшым часам. Аб маштабным адкрыцці Minsk City Mall першым загаворыць наш святлодыёдны экран — дарэчы, самы вялікі ў Беларусі, яго рэкламная плошча — 216 «квадратаў».

Nashaniva.com