Мінчанку асудзілі ў Брэсце за абразу ўчастковага

Суд Маскоўскага раёна Брэста вынес прысуд жыхарцы Мінска Алене Мядзель, абвінаваціўшы яе ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады — участковага інспектара УУС Маскоўскага раёна (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».

22.10.2022 / 09:01

Па матэрыялах абвінавачання Алена Мядзель пасля прагляду ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымка і паведамлення пра участковую інспектарку па справах непаўнагадовых з Брэста размясціла ад свайго імя каментар, які ўтрымліваў выказванні ў абразлівай і непрыстойнай форме.

Экспертыза ўстанавіла, што каментар негатыўна ацэньвае супрацоўніцу МУС, прыносіць ёй маральныя пакуты.

Пацярпелая запатрабавала ў Алены кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, суд пагадзіўся з такой сумай.

У ходзе судовага працэсу абвінавачаная, якая знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе, віну прызнала цалкам, патлумачыла, што каментар пакінула на эмоцыях і цяпер шкадуе пра свой учынак.

Суд пастанавіў прызнаць Алену Мядзель вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў (хатняя хімія).

Nashaniva.com