З Польшчы высылаюць шасцярых беларусаў, якія нелегальна працавалі

Польскія памежнікі 19 кастрычніка выявілі на будоўлі жылых дамоў ва Уроцлаве шасцярых грамадзян Беларусі, якія працавалі там нелегальна, паведамляе памежная служба Польшчы.

22.10.2022 / 10:13

Пяцёра з іх выконвалі сталярныя работы, адзін быў прадстаўніком беларускай кампаніі, у якой іх нанялі.

Супрацоўнікі памежнай службы праверылі ў іх дакументы. Высветлілася, што ўсе замежнікі працуюць у беларускай будаўнічай кампаніі ў Брэсцкай вобласці, але ніводзін з іх перад пачаткам працы ня меў адпаведнага дазволу на працу або заявы аб допуску да працы ў раённай службе занятасці. Беларусы не заключалі працоўных і грамадзянска-прававых дамоваў з наймальнікам.

На грамадзян Беларусі завялі адміністрацыйную вытворчасць аб выдачы ім пастановаў пра абавязковы выезд з Польшчы. Іх беларускаму працадаўцу пагражае штраф да 30 тысяч злотых (каля 6 тысяч даляраў).

Nashaniva.com