Разведка ЗША: Ва Украіны засталося шэсць тыдняў на контрнаступленне

Ва ўкраінскай арміі ёсць шэсць тыдняў для актыўнага прасоўвання на поўдні і ўсходзе краіны. Цяпер УСУ маюць перавагу над расійскімі вайскоўцамі, што можа ім дазволіць дамагчыся поспеху на Херсонскім і Луганскім кірунках. Такую ацэнку прыводзіць амерыканская разведка, піша The New York Times.

23.10.2022 / 09:26

Фота: AP Photo / Leo Correa, File

Часавае акно ў 6 тыдняў тлумачыцца шэрагам прычын. Ключавая з іх — змена пары года. Пахаладанне і пагаршэнне ўмоў надвор'я паставіць баявыя дзеянні на паўзу, што дасць абедзвюм арміям час для перагрупоўкі.

У ЗША лічаць, што паўтарыць харкаўскі поспех і хутка вярнуць буйныя тэрыторыі ўкраінцам будзе складана. Аднак украінскія войскі могуць зламаць асобныя расейскія падраздзяленні, што дазволіць адваяваць нейкія гарады ў Данбасе і нават Херсон, які разведка называе «галоўным прызам у вайне».

Ва УСУ пацвердзілі, што прагрэс ёсць, але баі сталі цяжэйшымі. «Мы рухаемся наперад, хоць не так хутка, як у Харкаўскай вобласці. А стратаў шмат», — кажа маёр Яраслаў Галас, камандзір роты 128-й асобнай горна-штурмавой брыгады, якая ваюе ў Херсонскай вобласці.

Nashaniva.com