Напісаў верш з абразай Лукашэнкі ў апеляцыйнай скарзе. Асуджанаму блогеру прызначылі яшчэ 2 гады зняволення

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч разгледзелі новую крымінальную справу супраць блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна, якога вясной асудзілі да васьмі гадоў калоніі за «махлярства ў буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 КК), а таксама ў арганізацыі і ўдзеле ў акцыях пратэсту (арт. 342 КК), паведамляе «Вясна».

28.10.2022 / 09:20

Цяпер яго судзілі па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі ў вершы ў апеляцыйнай скарзе на гэты прысуд.

Як заявіў тэлерадыёкампаніі «Брэст» пракурор, нібыта Савін, «знаходзячыся ў СІЗА № 6, напісаў апеляцыйную скаргу, якая ўтрымлівае непрыстойнае выказванне абразлівага характару ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі, пасля чаго, разлічваючы на азнаямленне з ёй шырокага кола асоб, перадаў супрацоўнікам адміністрацыі для далейшага накіравання у Мінскі гарадскі суд».

У чым канкрэтна палягала абраза Лукашэнкі, не паведамляецца.

Суддзя Вікторыя Пакунова 26 кастрычніка прызначыла яму яшчэ два гады калоніі. Мясцовае дзяржаўнае тэлебачанне здымала ўвесь працэс — нават сведку-сукамерніка з СІЗА-6.

Nashaniva.com