МУС прызнаў «экстрэмістамі» адразу 625 чалавек

«Экстрэмістамі» лукашысты абвяшчаюць усіх, хто патрабаваў свабодных выбараў ці выступаў супраць захопу ўлады Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер у адпаведным спісе амаль 1500 прозвішчаў. 

28.10.2022 / 12:39

МУС 28 кастрычніка абнавіў «Пералік асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці» — спіс абнавіўся адразу на рэкордныя 625 прозвішчы, паведамляе «Вясна».

Гэта беларусы і грамадзяне іншых дзяржаваў, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па «палітычных» крымінальных артыкулах у Беларусі.

Сярод іх цяпер — галоўная рэдактарка газеты «Новы Час» Аксана Колб, анархіст Аляксандр Францкевіч, асуджаны на 17 гадоў зняволення, палітзняволены Ягор Міхайлаў, асуджаны на 10 гадоў, дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадрат» Глеб Койпіш, палітзняволены доктар-неўролаг Аляксандр Цялега, Гаяне Ахціян,, палітзняволеная Дар'я Ляўко, якой прызначана прымусовае лячэнне па арт. 342 КК, былы палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас, стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор, палітзняволены з разумовай адсталасцю Дзмітрый Гопта.

Nashaniva.com