На былога палітвязня Дзмітрыя Фурманава завялі новую крымінальную справу

28 кастрычніка ў бацькоў Дзмітрыя Фурманава ў Гродне правялі ператрус у рамках новай крымінальнай справы. Справу па арт. 369 КК за «абразу прадстаўніка ўлады» распачалі праз каментары, якія Фурманаў пакінуў 11 і 16 мая 2022 года ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

28.10.2022 / 22:52

Каментары тычыліся начальніка рэжымнага аддзела папраўчай калоніі № 3 Сяргея Кубіка і начальніка папраўчай калоніі № 3 Аляксея Старавойтава. Апошні трымаў Фурманова 48 сутак у ШІЗА, адзначыў у твітары сам Дзмітрый.

Дзмітрыя Фурманава затрымалі на Савецкай плошчы ў Гродне 29 мая 2020 года падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Ён атрымаў два гады калоніі нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Дзмітрый выйшаў на волю 21 кастрычніка 2021 года і неўзабаве з'ехаў з Беларусі.

Nashaniva.com