Зяленскі пракаментаваў выхад Расіі са збожжавага пагаднення

Прэзідэнт Украіны ў вечаровым звароце закрануў заяву Расіі, якая выкарыстала атаку на караблі Чарнаморскага флоту для выхаду з пагаднення па вывазе збожжа. Па словах Зяленскага, Расія заблакавала рух суднаў яшчэ ў верасні.

29.10.2022 / 21:59

«Сёння прагучала даволі прадказальная заява з боку Расіі пра тое, што яны канчаткова зрываюць экспартную збожжавую ініцыятыву. Але насамрэч гэта не сённяшняе іх рашэнне. 

Расія пачала наўмысна абвастраць харчовы крызіс яшчэ ў верасні, калі заблакавала рух суднаў з нашым зернем. З верасня па сёння ў збожжавым калідоры ўжо накапіліся 176 судоў, якія не могуць прайсці па сваім маршруце. Гэта харчаванне для больш як сямі мільёнаў спажыўцоў. Некаторыя зернявозы чакаюць больш за тры тыдні. Алжыр, Егіпет, Емен, Бангладэш, В'етнам — гэтыя і іншыя краіны могуць пацярпець ад чарговага абвастрэння харчовага крызісу, які свядома правакуе Расія.

Чаму нейкая жменька асобаў дзесьці ў Крамлі можа вырашаць, ці будзе ежа на сталах людзей у Егіпце ці ў Бангладэш? Цяпер неабходны моцны міжнародны адказ як на ўзроўні ААН, так і на іншых узроўнях, у тым ліку на ўзроўні G20», — сказаў Зяленскі.

Nashaniva.com