Генштаб УСУ: Расіяне рыхтуюцца выводзіць з правага берага Дняпра артылерыю

Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў сённяшняй вячэрняй зводцы адзначыў, што «вораг ажыццяўляе падрыхтоўчыя мерапрыемствы па адводзе артылерыйскіх падраздзяленняў з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласці, з наступнай іх магчымым перакіданнем на іншыя напрамкі».

30.10.2022 / 19:32

Фота ілюстрацыйнае

Акрамя таго, Генштаб УСУ заўважае, што акупацыйная ўлада на тэрыторыі Херсонскай вобласці спрабуе стварыць тут умовы, непрыдатныя для пражывання мясцовага цывільнага насельніцтва.

Так, у Новай Кахоўцы з 29 кастрычніка адключаны доступ да інтэрнэту і праз гучнамоўнікі распаўсюджваецца інфармацыя аб неабходнасці выезду з вобласці на працягу 48 гадзін з-за нібыта пагрозы ракетных удараў з боку Узброеных Сіл Украіны. У першую чаргу «эвакуацыі» падлягаюць медперсанал мясцовых бальніц і аператыўныя службы горада.

Акрамя таго, акупацыйная ўлада выдала загад, які абавязвае прадпрымальнікаў распрадаць ўсе харчовыя тавары і зачыніць крамы і рынкі з 1 лістапада 2022 года. 

Nashaniva.com