Выйшла на волю палітзняволеная Святлана Саўчанка
35-гадовая палітзняволеная Святлана Саўчанка цалкам адбыла тэрмін і 27 кастрычніка выйшла з гомельскай жаночай калоніі. Яе ў Мінскім раённым судзе асудзілі ў лістападзе 2021 года да аднаго года пазбаўлення волі, піша «Вясна».
30.10.2022 / 20:17
Святлану Саўчанка абвінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК) за тое, што 2 верасня 2020 года на праўладным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у Новай Баравой яна сарвала з адной машыны пластмасавы флагшток і некалькі разоў стукнула па машыне Land Rover, якая ўдзельнічала ў ім.
Пацярпелай па справе была прызнаная адна з арганізатарак праўладных аўтапрабегаў Вольга Маршаловіч (Сышчанка) — у адкрытых інтэрнэт-крыніцах паведамляецца, што яна мела рамантычныя сувязі з начальнікам мінскага АМАПа Дзмітрыем Балабам.