У Віцебску 7 лістапада збіраюцца ўрачыста адкрыць бюст Леніна

Бетонны бюст 1969 года вырабу з’явіцца каля паліклінікі №4, якая носіць імя Леніна. Калісьці падобны арт-аб’ект тут ужо быў, але вельмі даўно, уначы з 4 на 5 жніўня 1994-га года яго пашкодзілі невядомыя асобы. Аднаўляць бюст не сталі, а вось больш як праз 25 гадоў мясцовыя ўлады вырашылі, што Ленін на гэтым месцы будзе вельмі актуальны, піша «Віцебская вясна».

31.10.2022 / 00:16

Заменіць пашкоджаны бюст вельмі падобная да яго скульптура. Яе збіраюцца «перасяліць» з былой тэрыторыі РАУСа Кастрычніцкага раёна. Там бетонны бюст Леніна стаяў ва ўнутраным двары, адмежаваны ад мінакоў высокім плотам і калючым дротам.

Цяпер жа, калі райаддзел міліцыі пераехаў у новы будынак на вуліцы Церашковай, былыя «міліцэйскія» памяшканні выстаўленыя на продаж амаль за 3 мільёны рублёў — гэта цэлы комплекс гістарычнай забудовы вуліцы Суворава (былой Узгорскай). Кошт бюста Леніна ў ацэначную вартасць комплексу не ўвайшоў: скульптуру аддалі на рэстаўрацыю.

Тое, што гэта не твор мастацтва, а «штампоўка» — тыповая для савецкіх часоў выява Леніна, цяперашнія ўлады ніколькі не бянтэжыць. 7 лістапада, да чарговых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, бюст Леніна плануюць адкрыць ва ўрачыстай абстаноўцы з абавязковым удзелам членаў камуністычнай партыі, БРСМ і «Белай Русі».

Nashaniva.com