У Херсонскай вобласці расіяне пачынаюць эвакуацыю і на левым беразе Дняпра

Кіраўнік калабарацыянісцкай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда паведаміў, што зона эвакуацыі мірных жыхароў у рэгіёне пашыраецца і будзе весціся не толькі з правага, але і з левага берага Дняпра.

31.10.2022 / 21:52

Дняпро каля Херсона. Фота: Wikimedia Commons

Мясцовых жыхароў будуць вывозіць на левым беразе з зоны ў межах 15 км ад Дняпра, гэтае рашэнне тычыцца населеных пунктаў Новакахоўскай гарадской акругі і шасці муніцыпальных акругаў.

Сальда заявіў, што «гэтае рашэнне дазволіць стварыць эшаланаваную абарону» і што «армія Расіі павінна выканаць сваю задачу, не ствараючы пагрозы для мірнага насельніцтва». «Наш абсалютны прыярытэт — бяспека людзей», — адзначыў ён, хоць папярэдняя практыка ваенных дзеянняў сведчыць пра тое, што гэта пустыя словы.

Nashaniva.com