У Баранавічах паставілі хаткі для бяздомных катоў

Першыя дзве хаткі, дзе ад ветру і дажджу змогуць схавацца бяздомныя каты, паставілі ў дварах шматпавярховых дамоў на баранавіцкай вуліцы Прытыцкага днём 2 лістапада, піша выданне «Наш край».

02.11.2022 / 23:23

У працэсе ўстаноўкі хатак прымалі ўдзел самыя актыўныя ўдзельнікі праекта — Таццяна Авадзінская, заснавальніца арганізацыі «Мурзікі», а таксама валанцёры, якія збіралі сродкі для вырабу хатак і іх рабілі.

Пакуль у двары паставілі дзве хаткі. Адна з іх будзе хаваць катоў ад дажджу, і яе на сабраныя валанцёрамі сродкі вырабілі работнікі Баранавіцкай гарадской ЖКГ.

Другая хатка ўцепленая знутры і зможа значна лепш абараніць сваіх гасцей ад холаду. Яе на свае ўласныя грошы вырабілі сужонцы Аляксей і Алена.

Пасля ўстаноўкі хатак іх абнеслі плотам. Яго змайстравалі індывідуальныя прадпрымальнікі Аляксандр Ждановіч і Аляксей Стрэльчык, якія займаюцца вытворчасцю вырабаў з дрэва. 

Nashaniva.com