Стрыечны брат Васіля Парфянкова пасля допытаў уцёк з Беларусі

Сяргей Бандарэнка ўцёк у Польшчу з бальніцы, куды трапіў пасля збіцця сілавікамі, піша «Радыё Рацыя». 

07.11.2022 / 11:30

Бандарэнку затрымлівалі двойчы, правялі вобшук, забралі тэлефон. 

«Завялі справу па трох момантах (рэпосты інфармацыі пра Васіля Парфянкова), скрыншоты зрабілі. Сказалі, што за кожны скрыншот — па 15 сутак. А тэлефон забралі на месяц на інфармацыйнае даследаванне. І я зразумеў, што ў гэтым тэлефоне яны знойдуць такое, што мяне вывезуць у лес і па іх законах проста расстраляюць, як у 37-м. Я зразумеў, што знаходзіцца там нельга. І збег з бальніцы», — кажа мужчына.

У бальніцу яго забралі пасля збіцця сілавікамі, якія самі выклікалі «хуткую». 

«Лекары з «хуткай» зразумелі, што мяне трэба шпіталізаваць. Мяне ўжо везлі ў ІЧУ, і я канкрэтна разумеў, што будзе 45 сутак, пасля яны яшчэ нешта знойдуць і зробяць замест адміністрацыйнай — крымінальную справу. Да гэтага 15 сутак я сядзеў, калі мой брат Васіль Парфянкоў загінуў, маці яго затрымлівалі з роднай сястрой». 

Цяпер Бандарэнка знаходзіцца ў Польшчы ў лагеры для бежанцаў.

Беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам. І да і пасля яго гібелі лукашысты тэрарызавалі яго сям'ю.

Nashaniva.com