Пад патрэбы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі аддадуць цэлыя раёны

Для забеспячэння Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) сыравінай будуць выкарыстоўваць землі адразу некалькіх раёнаў Магілёўскай і Мінскай абласцей. Ва ўрадзе расказалі, якія землі пяройдуць да карпарацыі ў найбліжэйшы час, піша Office Life.

07.11.2022 / 17:11

Фота: bnbc.by

Як расказаў у эфіры «Беларусь 1» намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, на гэтых землях плануюць вырошчваць прыкладна 700 тыс. тон збожжа для вытворчасці камбікармоў і амінакіслот.

«Увесь Пухавіцкі раён адыдзе пад БНБК, — сказаў Леанід Заяц. — Наперадзе яшчэ Быхаўскі раён, які адыдзе менавіта пад БНБК. Мы разглядаем сёння Бярэзінскі раён, разглядаем частку тэрыторый Чэрвеньскага раёна».

Раней паведамлялася, што БНБК у асобе кампаніі «БНБК-Агра» ў красавіку атрымала ў кіраванне дзевяць сельгаспрадпрыемстваў у Глускім і Бабруйскім раёнах, а да гэтага — у Асіповіцкім. У выніку, па дадзеных на канец верасня, БНБК стала найбуйнейшым землекарыстальнікам краіны, яе зямельны банк склаў каля 115 тыс. га. 

Леанід Заяц расказаў пра эканамічную мэтазгоднасць працы БНБК: сабекошт беларускага збожжа цяпер складае 100 даляраў, з 3 тон збожжа можна атрымаць 1 тону трэаніну, з 5 тон — 1 тону лізіну, а кошт гэтых амінакіслот — 8 тыс. даляраў за тону.

Таксама Заяц падкрэсліў, што з 1 кастрычніка ў Беларусі забаронена купляць за мяжой прадукцыю, якая будзе вырабляцца на магутнасцях БНБК.

Заводы па вытворчасці амінакіслот і камбікармоў афіцыйна былі запушчаныя 4 лістапада, а стартавала будаўніцтва ў 2019 годзе. У БНБК, акрамя беларускай дзяржавы, інвестуюць кампаніі і бізнэсмены з Кітая і Кыргызстана.

Чытайце таксама:

Лукашэнка паехаў адкрываць завод, які ўжо амаль год як працуе

Nashaniva.com