Найлепшы футбаліст свету 2022 года прапусціць чэмпіянат

Прычына — траўма, атрыманая на трэніроўцы

21.11.2022 / 09:23

Карым Бензема не згуляе на чэмпіянаце свету праз траўму квадрыцэпса левай нагі. Форвард траўмаваўся на трэніроўцы ў Катары.

Апошні раз мундыяль праходзіў без дзейнага ўладальніка «Залатога мяча» 44 гады таму — у 1978 годзе. Тады турнір прапусціў дацкі форвард Алан Сімансэн, але з-за таго, што яго зборная не адабралася ў фінальную частку ЧС.

Чэмпіянат свету па футболе стартаваў у Катары ўчора, 20 лістапада. У матчы адкрыцця гаспадары прайгралі Эквадору 0:2. Гэта першы выпадак у гісторыі ЧС, калі каманда-гаспадар прайграла матч адкрыцця.

Сёння на чэмпіянаце будуць згуляныя тры паядынкі: Англія — Іран (16:00), Сенегал — Нідэрланды (19:00), ЗША — Уэльс (22:00).

Nashaniva.com