McDonald's працягнуў працу ў Беларусі, нягледзячы на анансаванае закрыццё

Рэстараны McDonald's у Мінску працягваюць працаваць пад гэтым брэндам 22 лістапада, нягледзячы на анансаваны пераход пад кіраванне расійскай сеткі «Вкусно — и точка». Працуе ў ліку іншых і рэстаран на праспекце Незалежнасці, 23, піша Office Life.

22.11.2022 / 09:40

«Рэстараны працуюць, прыходзьце», — сказалі карэспандэнту ва ўстанове.

«Сёння дакладна мы яшчэ McDonald's», — сказалі ў рэстаране на плошчы Бангалор. Дарэчы, там жа вярнулі на месца шыльды, якія знялі некалькі дзён таму.

Разам з тым дадатак «Mcdonald's Беларусь», як і абяцалася, не працуе з 21 лістапада.

Раней абвяшчалася, што рэстараны McDonald's спыняць працу ў Беларусі ў 18:00 21 лістапада, а 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам «Вкусно — и точка» расійскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які выкупіў амерыканскія рэстараны ў Расіі.

Nashaniva.com