Кіраўнік МЗС Брытаніі адправіўся ў Кіеў

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі ў пятніцу прыбывае з візітам ва Украіну, у ходзе якога абвесціць пра вылучэнне некалькіх мільёнаў фунтаў у якасці дадатковай дапамогі Кіеву перад пачаткам зімы, паведамілі ў брытанскім МЗС.

25.11.2022 / 07:54

Чакаецца, што Лондан дасць 3 млн фунтаў на дапамогу ў аднаўленні жыццёва важнай інфраструктуры Украіны і яшчэ 5 млн — на ўзначаленую Кіевам ініцыятыву па дастаўцы збожжа ў краіны, якім пагражае голад.

«Вялікабрытанія стаіць плячом да пляча з Украінай, — гаворыцца ў заяве Клеверлі. — Я на свае вочы бачыў, як намаганні Брытаніі дапамагаюць адважным грамадзянам Украіны супраціўляцца і аднаўляць краіну. Наша падтрымка будзе працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца для аднаўлення гэтай выдатнай краіны».

Падчас паездкі кіраўнік Форын-офіса сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Дзмітрыем Кулебай.

Клеверлі адправіўся ў Кіеў неўзабаве пасля візіту ва Украіну прэм'ер-міністра Брытаніі Рышы Сунака. У ходзе паездкі ён паабяцаў працягваць падтрымку Кіева, якую яго папярэднікі на пасадзе аказвалі з пачатку вайны.

Nashaniva.com