70-гадовая галоўная бухгалтарка мінскай фірмы прысабечыла амаль 600 тысяч рублёў

Аператыўнікі Першамайскага РУУС сталіцы ўстанавілі, што 70-гадовая галоўная бухгалтарка прыватнай лагістычнай кампаніі больш за пяць гадоў завышала сабе заробак, паведаміла «Міліцыя Мінска».

25.11.2022 / 16:34

Скрыншот відэа

Ва ўліковай дакументацыі жанчына пісала памер сваёй рэальнай заработнай платы, а ў банк накіроўвала плацежныя даручэнні з завышанай сумай. Пералічваючы сабе грошы, фігурантка арыентавалася на тое, каб яе сумы не перавышалі сярэдні заробак топ-менеджараў. Таму фінансавыя справаздачы доўгі час не выклікалі падазрэнняў.

Такім спосабам работніца скрала амаль 600 тысяч рублёў, якія траціліся на асабістыя патрэбы (забавы, экскурсійныя туры і іншае).

Следчымі заведзена крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры.

Nashaniva.com